Беларуская Служба

Беларускасць  за мяжой: падтрымліваць традыцыі і будаваць супольнасць

22.07.2025 09:21
За апошнія гады тысячы беларусаў былі вымушаныя з’ехаць за мяжу з-за рэпрэсій ды палітычнага ціску з боку рэжыму Лукашэнкі. У выгнанні людзі не забыліся на свае карані ды імкнуцца падтрымліваць свае традыцыі ды захоўваць супольнасць.
Аўдыё
Беларускія танцы на пляцу каля Ратушы ў Алясніцы Uładzimir Zuyeu/Polskie Radio dla Zagranicy

Гэта бачна па шматлікіх святах, якія беларуская грамада ладзіць нават за мяжой. Асабліва шмат такіх падзей адбываецца ў Польшчы.  

З года ў год у культурным календары Польшчы ўсё больш бачнымі становяцца беларускія імпрэзы, святкаванні. Асабліва шмат такіх падзей ладзяцца летам. Гэта розныя фестывалі, пікнікі, канцэрты, і святкаванні Купалля. Тысячы людзей прыходзяць на гэтыя падзеі, падчас якіх гучыць беларуская мова, музыка, адбываецца сапраўдны рытуал яднання ды інтэграцыі беларусаў, кажа палітолаг Аляксандр Лагвінец.

—У ХІХ-м стагоддзі адзін з французскіх мысляроў сказаў, што нацыя – гэта плебісцыт кожнага дня, ідзецца пра ўдзел у розных дзеяннях, якія ты робіш разам з іншымі і салідарна.  Удзел у беларускіх імпрэзах за мяжой дазваляе захоўваць сваю тоеснасць, дазваляе практыкаваць разам рэчы важныя для беларускай супольнасці. Гэта таксама элемент перадачы сваіх традыцый. Гэта важна для існавання супольнасці ды інтэграцыі. Я тут кажу таксама як і бацька, які хоча, каб мае дзеці адчувалі сябе беларусамі і ведалі, як беларусы практыкуюць свае традыцыі.  

На днях буйная інтэграцыйная беларуская імпрэза адбылася пад Уроцлавам. Беларусы з усёй Польшчы сабраліся ў Алясніцы, каб падзяліцца сваімі гісторыямі, ушанаваць традыцыі ды адчуць супольнасць.

19 ліпеня маленькі, але гасцінны горад Алясніца каля Уроцлава ператварыўся ў месца сапраўднага святкавання беларускай супольнасці. Тут сабраліся беларусы з розных куткоў Польшчы — ад Варшавы, Гдыні і Кракава да Катавіцаў, Зялёнай Гуры, Валбжыха і іншых польскіх гарадоў. Агулам удзел у сустрэчы, якая была арганізавана суполкай беларусаў Уроцлава,  прынялі каля 140 чалавек разам з дзецьмі. Гэта нагода, каб быць разам, кажа адна з арганізатарак Вольга.

— Для нас беларусаў, гэта нагода, каб зноў сустрэцца, быць разам у летні дзень, адчуць, што як быццам мы дома. Летам мы намагаемся часцей рабіць такія сустрэчы – два разы на месяц. Цягам году ў нас ёсць 4 буйныя мерапрыемствы: Купалле, Ялінка на Раство, Гуканне вясны і Ноч паэтаў. Паміж гэтымі датамі мы намагаемся рабіць творчыя вечары, сустрэчы з кавай, а цяпер думаем сустракацца ўсё часцей, бо людзей усё больш і больш. 

Сустрэча распачалася на маляўнічым дворыку Алясніцкага замка. Гасцей сустракала цёплая і сяброўская атмасфера. Дарослыя рушылі на экскурсію да мясцовай базылікі, дзе пазнаёміліся з унікальнай архітэктурай і гісторыяй аднаго з галоўных скарбаў Алясніцы — ланцуговай бібліятэкі, заснаванай у 1594 годзе. Гэтая бібліятэка, дзе старыя каштоўныя фаліянты трымаюцца на ланцугах, з’яўляецца адной з нешматлікіх у Еўропе, што захаваліся ў аўтэнтычным выглядзе. Падчас экскурсіі госці таксама наведалі старажытныя сутарэнні з саркафагамі княжацкага роду Віртэмбергаў. Пакуль дарослыя паглыбляліся ў гісторыю, дзеці ўдзельнічалі ў творчай майстэрні па працы з дрэвам, якую правёў рамеснік Максім Мядзелка. Цёплая і амаль сямейная атмасфера імпрэзы спрыяе таму, каб не прыходзіць як мага часцей на беларускія сустрэчы, кажа адна з удзельніц Марыя.

— Беларускія імпрэзы могуць быць у розных месцах, розных фарматаў, але заўсёды гэта такое цёплае, добрае і сямейнае. Я імкнуся не прапускаць і заўсёды трапляць на такія імпрэзы.

Пасля экскурсій усе сабраліся на грыль-вечарыну. Там гасцей чакалі беларускія смакі — дранікі, каўбаскі, гародніна — і шмат сяброўскіх размоў. Прыемнай неспадзяванкай сталі паэтычныя выступленні Уладзіміра Някляева і Андрэя Хадановіча.

— Цяпер беларускае слова мусіць гучаць ва ўмовах раскіданасці па свеце, не толькі ў Польшчы, але ў Літве, Амерыцы, на востраве Кіпр, дзе заўгодна. Найменш мільён беларусаў апынуўся за мяжой і сутыкнуўся з выклікам упершыню ў гісторыі так масава. Мы перад выклікам, які добра апісаў Караткевіч вуснамі свайго Гервасія Вылівахі ў «Ладдзі роспачы», калі той плыў насустрач смерці па падземным возеры. Ягоны Гервасій сказаў беларусам пазбаўленым неба, што чалавек носіць сваё неба з сабою. Мы сёння носім з сабой сваю Беларусь і мы мусім быць відочныя праз сваю культуру ды павестку, пра якую мусім нагадваць свету. Мы апынуліся ў фізічнай бяспецы, але гэта накладае дадатковы маральны ды інтэлектуальны абавязак казаць ад імя тых, хто казаць не можа.   

Для дзяцей была арганізавана другая актыўнасць — экалагічная гульня, прысвечаная праблемам пластыкавага забруджвання навакольнага асяроддзя. Яе правёў эколаг Уладзімір Зуеў з фонда «Неруш Натура».

Завяршэннем дня сталі традыцыйныя беларускія танцы на пляцу каля Ратушы, што сабралі разам як беларусаў, так і іх польскіх сяброў. Атмасферу свята дапоўніла мінеральная вада ад мясцовага вытворцы Wodnik Oleśnica, якая бясплатна частавала ўсіх удзельнікаў. Пра тое навошта ў Польшчы беларускія танцы распавёў, арганізатар танцавальнай часткі імпрэзы Віктар.

—Танец мае шмат функцый – гэта і фізічны высілак, захаванне спадчыны, эстэтыкі і стварэнне прыгожых вобразаў. Танец дадае ў нашае жыццё крыху прыгажосці. Дарэчы, беларускія танцы падобныя на польскія. Толькі ў Беларусі больш схематычных танцаў, а ў Польшчы больш парных.

Сустрэча ў Алясніцы - адна з беларускіх імпрэз у Польшчы - стала яркім сведчаннем таго, што беларуская супольнасць у Польшчы жыве, развіваецца і падтрымлівае свае культурныя карані, нават далёка ад радзімы.

Юры Ліхтаровіч/Уладзімір Зуеў